БЕЛАРУ́СКАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ АКАДЭ́МІЯ (БСГА). Засн. паводле ўказа Сената ад 24.4.1836, адкрыта ў 1840 у маёнтку Горы-Горкі (каля Горак Магілёўскай губ.) пад наз. Горы-Горацкая земляробчая школа, з 1848 — Горы-Горацкі земляробчы інстытут. У 1925 да яго далучаны Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (засн. ў Мінску ў 1922) і створана Бел. с.-г. акадэмія. У 1931 акадэмія падзелена на 11 галіновых ін-таў. У 1933 яны зноў аб’яднаны ў адну ВНУ — Беларускі с.-г. ін-т (у Горках). У 1948 перайменаваны ў БСГА. У 1994/95 навуч. г. ф-ты: агранамічны, зоаінжынерны, землеўпарадкавання, механізацыі сельскай гаспадаркі, меліярацыі і воднай гаспадаркі, эканамічны, бухгалтарскага ўліку, павышэння кваліфікацыі. Створаны новыя кірункі навук. даследаванняў: біятэхналогія ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, с.-г. экалогія. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1947, дактарантура з 1990. Мае н.-д. лабараторыі, выліч. цэнтр, доследную станцыю, кансультацыйныя пункты, друкарню, конна-спарт. школу.
т. 2, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)